ДУБІ́ЛЬНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ, дубільнікі,
рэчывы, якія выкарыстоўваюць для дублення скуры і футра. Паводле хім. прыроды адрозніваюць мінеральныя і арганічныя.
Мінеральныя Д.р. — солі хрому, алюмінію, цырконію, жалеза, тытану і інш. Выкарыстоўваюць пераважна злучэнні Cr(III) (хромавае дубленне), у асн. гідраксасолі (напр., гідраксід-сульфат CrOHSO4) ці камбінацыі іх з інш. дубільнікамі. Злучэнні цырконію (напр., сульфатацырканат натрыю Na4Zr(SO4)4) павышаюць вода- і зносаўстойлівасць скуры, робяць гладкім і шчыльным вонкавы бок. Арганічныя Д.р. падзяляюцца на простыя — альдэгіды (напр., фармальдэгід, глутаравы альдэгід), тлушчы рыб і марскіх жывёл (ворвань), і складаныя — раслінныя рэчывы (таніны), сінт. Д.р. і палімеры. Ворвані выкарыстоўваюць для вырабу натуральнай замшы (тлушчавае дубленне). Таніны атрымліваюць у выглядзе водных экстрактаў з кары, драўніны, лісця і пладоў некаторых раслін (дуба, вярбы, елкі, лістоўніцы, бадану і інш.). Чыста танінавае дубленне выкарыстоўваюць рэдка з-за працягласці працэсу. Замяняюць таніны і паскараюць працэс дублення сінт. Д.р. (напр., прадукты полікандэнсацыі рэзарцыну з фармальдэгідам). Палімерныя дубільнікі (напр., нізкамалекулярныя метылметакрылат і этылакрылат, карбаміда-, меламіна-, фенолфармальдэгідныя смолы і інш.). У камбінацыі з інш. Д.р. дазваляюць вырабляць скуры з паніжанай водапранікальнасцю.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 6, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)